КВЕ́ТКАВЫ ПЫЛО́К,

сукупнасць пылковых зерняў (пылінак), якія ўтвараюцца ў гнёздах пыльніка (мікраспарангіях) і служаць для палавога ўзнаўлення. Складаецца з асобных пылінак, што могуць заставацца ў мацярынскай абалонцы. Яны злучаны ў тэтрады і больш буйныя групы па 8, 12, 16, 32. Спосабы злучэнняў К.п. ў розных сямействаў адрозніваюцца і з’яўляюцца сістэм. адзнакай. У ветраапыляльных раслін К.п. сухі, з гладкай паверхняй, са спец. прыстасаваннямі для пераносу ветрам, у энтамафільных — буйны, клейкі, з яркім колерам і пахам для прываблівання насякомых. Назапашваецца пчоламі ў выглядзе пяргі і інш. насякомымі для кармлення лічынак.

т. 8, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)